ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
валокны натуральныя, тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.
Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.
М.Р.Пракаачук.
т. 3, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)